АСПАРАГІ́НАВАЯ КІСЛАТА́,
α-амінаянтарная кіслата, монаамінадыкарбонавая кіслата, HOOCCH2CH(NH2)COOH, заменная амінакіслата. Мал. м. 133,1. Слаба раствараецца ў вадзе, не раствараецца ў спірце і эфіры. У арганізме знаходзіцца ў свабодным стане, уваходзіць у састаў бялкоў (акрамя пратамінаў). Удзельнічае ў рэакцыях цыкла мачавіны і пераамінавання, біясінтэзе пурынаў і пірамідзінаў, папярэднік у біясінтэзе незаменных амінакіслот — метыяніну, трэаніну і лізіну ў раслін, жывёл і мікраарганізмаў. Дэкарбаксіліраваннем аспарагінавай кіслаты могуць утварацца α- і β-аланіны. У абмене рэчываў аспарагінавая кіслата папярэднік і першая ступень распаду аспарагіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)